Кандрат Крапіва

Бывае праўда ў вочы коле...
Раз гнаў пастух свіней у поле.
Адзін вялізарны Парсюк,
Які абегаў вёску ўсю,
За раніцу абшнырыў завуголле,
Цяпер такі меў выгляд важны,
Што носа не дастаць і сажнем —
Вышэй за ўсіх ён сам сябе лічыў,
А што ў самога на лычы,
Не бачыў гэтага, аднак.
вось адзін тут Падсвінак,
Які заўважыў бруд раней,
І кажа: — Дзядзечка, твой лыч у брудзе!
Нязграбна гэта й між свіней,
А што ж, калі заўважаць людзі?
Парсюк наставіў хіб, Парсюк раз'юшан:
— Цераз цябе я чырванець прымушан!
Такое мне сказаць асмеляцца ня многія,
Дык гэта ж — дэмагогія! —
Парсюк наш лаецца, не дараваць клянецца:
— І месца мокрага, — крычыць, — не застанецца!
Ты мой свінячы гонар закрануў!-
І так ён Падсвінака грызянуў,
Што той за сажняў пяць адскочыў.
Парсюк не надта быў ахвочы
Глядзецца праўдзе ў вочы.

1927

Ехаў Дзедка на кірмаш, 3 ім на возе — Баба. Конік з выгляду — дарма, Ды цягнуў ён слаба:

Меў не болей двух гадоў, Як суседзі кажуць. Баба ж тая — сем пудоў, Сама меней, важыць.

Пад узгорак або ў гразь — Конь насілу возьме. Стала Баба памагаць... Седзячы на возе.

Што ж, каню другі гадок. Дык яна — за білы Ды нагамі у перадок Пхне, як мае сілы.

— Кінь, дурная, бо зганю! — Дзед тут Бабе кажа. — Ты паможаш так каню, Як хваробе кашаль.

— Ах ты, ёлупень стары! — Баба Дзеда лае. — Стой жа тут, хоць ты згары! Мне бяда малая.

Потым — гоп яна з калёс, Села ля дарогі, А каня як чорт панёс, — Дзе ўзяліся й ногі!

o o o

Ва ўстановах часам ёсць Вось такія ж "бабы": Здэцца, й робяць яны штось, Але справы — слабы.

Ды такая не ўцячэ! Скажам ёй нарэшце: — Мо без вас было б лягчэй? Паспрабуйце злезці!

1925

Жылі ў суседстве два Іваны.
Адзін – мудрэц –
Шукаў ва усім пачатак і канец,
Другі – прастак –
Жыў проста так.
Вось раз ідзе прастак з двара –
Касцюмчык, гальштук, папяроска.
– Куды? – пытае цёзка.
– Ды мне пара...
Вунь там у скверыку чакае
Чарнявая такая.
– Я бо гляджу – надраіў чуб.
Жаніцца думаеш?
– А хоць бы й так?
– Дык ты ж не знаеш, што такое шлюб.
– Я па-вучонаму адказваць не бяруся,
Як ажанюся – разбяруся.
– Прастак дык ён і ёсць прастак.
А я хачу спачатку разабрацца.
Цяжкая, праўда, праца,
Вунь, бачыш, колькі кніг!
Усё пра шлюб сабрана у іх
Ад самага Адама.
Дык вось мая праграма:
Пакуль да сутнасці не дабяруся –
Не ажанюся.
Ад першабытнае сям'і пачну.
– Ну-ну!
Жадаю поспеху.
– Табе таксама.
Пакуль мудрэц, сабраўшы кніжак стог,
I дзень і ноч над імі сох,
Пакуль дабраўся да матрыярхату,
Прастак прывёў чарняўку ў хату.
Яшчэ прайшло мо год ці два,
Штудзіруе разумнік том за томам,
Трашчыць аж галава,
А ўсё канца няма крыніцам невядомым.
Раз, глянуўшы на свет, разумны аж здзівіўся:
Сынок у «дурня» нарадзіўся.

Ішлі гады сваёй хадою...
Пад старасць наш мудрэц,
Абросшы сівай барадою,
Знайшоў-такі пачатак і канец,
Але на сівізну кудзелі
Нявесты не глядзелі.